ЯКАБІ́НСКАЯ ДЫКТАТУ́РА,

этап рэвалюцыі 1789—99 у Францыі (чэрв. 1793 — ліп. 1794), калі вышэйшыя і мясц. органы ўлады кантралявалі якабінцы. Устаноўлена ў выніку нар. паўстання 31.5—2.6.1793 у Парыжы ў момант найвыш. небяспекі з боку ўнутр. і знешняй контррэвалюцыі. Фармальна вышэйшым органам улады заставаўся Канвент, але рэальныя ўладныя паўнамоцтвы засяродзіліся ў руках К-та грамадскага выратавання на чале з М.Ф.М.І.Рабесп’ерам. К-т грамадскай бяспекі і Рэвалюцыйны трыбунал праводзілі рэв. тэрор, ахвярамі якога, акрамя контррэвалюцыянераў і спекулянтаў, сталі тысячы невінаватых людзей. Я.д. вырашыла агр. пытанне, скасавала рабства ў калоніях, падавіла контррэв. мяцяжы і дамаглася пералому ў вандэйскіх войнах, стварыла масавую рэв. армію, якая нанесла паражэнні войскам варожых рэв. Францыі Аўстрыі і Прусіі. Аднак яе аслаблялі няздольнасць пераадолець эканам. крызіс і барацьба паміж асобнымі групоўкамі якабінцаў. Скінута ў выніку тэрмідарыянскага перавароту 27—28.7.1794. Гл. таксама Якабінцы, Французская рэвалюцыя 1789—99.

т. 18, кн. 1, с. 249

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)